Асноўная барацьба за ганаровы тытул галоўных чараўнікоў навагодніх свят разгарнулася між чатырма парамі – навучэнцамі гандлёва-эканамічнага, Маладзечанскага дзяржаўнага, музычнага імя М.-К.Агінскага і політэхнічнага каледжаў. Кожная з іх не пераставала здзіўляць журы і балельшчыкаў сваімі талентамі і здольнасцямі, кемлівасцю і знаходлівасцю. Напрыклад, Марыя Грыгарэнка захапляецца дайвінгам. Віялета Варановіч – сапраўдная экстрымалка і гэтым летам скочыла з парашутам. А сярод хобі Міхаіла Шэлянгоўскага – турызм і альпінізм. Раман Зданкевіч – музыкант і паэт…
З першага этапу конкурсу журы і гледачоў пакарылі Дзед Мароз і Снягурачка з музычнага каледжа. Таццяна Лясун і Раман Зданкевіч выступалі не толькі жывым планам, але і падрыхтавалі відэаролік ў стылі папулярнага гумарыстычнага тэлесерыяла «Маскі–шоу», у якім расказалі, які няпросты шлях ім давялося пераадолець, каб дабрацца на конкурс у Маладзечна. А Марыя Грыгарэнка і Станіслаў Полазаў з гандлёва-эканамічнага каледжа задобрылі журы салодкімі сняжкамі-пірожнымі.
Прадстаўнікі музычнага каледжу і сталі пераможцамі раённага конкурсу «Дзед Мароз і Снягурачка-2015». Таксама яны названы лепшымі ў намінацыі «Самая арыгінальная пара». Прыз за найбольш трапную сюжэтна-віншавальную праграму атрымалі навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа.
Самымі моднымі названы Дзед Мароз і Снягурачка з політэхнічнага. А прыз глядацкіх сімпатый – у прадстаўнікоў Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа.