Открытый диалог с учащимися Клецкого СПЛ

Открытый диалог с учащимися Клецкого СПЛ

Тэма чарговай сустрэчы з навучэнцамі Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя ўзнікла не выпадкова. Калі так глыбока разважаць аб будучыні беларускай мовы, як не ў Год культуры? Вось і сабраліся ў зале навучальнай установы, каб разам з гасцямі абмеркаваць гэта і шэраг іншых пытанняў.

Першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Мікалаеўна Багеша адзначыла, яе радуе, як лідара суполкі, што моладзь наша актыўная, мае сваё ўласнае меркаванне, у тым ліку і адносна палітычнай кампаніі, што ідзе ў краіне.

Не толькі з цікавасцю юнакі і дзяўчаты слухалі намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольгу Мікалаеўну Бранавіцкую, якая падрабязна спынілася на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, але і смела ўключаліся ў размову.

Пацвердзіла адказнасць маладых людзей сакратар участковай выбарчай камісіі Казарменнага участка для галасавання №44 І.А.Грынкевіч. Іна Анатольеўна на працягу ўжо больш за 30 гадоў мае непасрэднае дачыненне да выбараў, таму і можа прааналізаваць, як моладзь прымае ўдзел у жыцці грамадства.

Нашы навучэнцы падыходзяць да права галасаваць даволі адказна, – канстатавала І.А.Грынкевіч. – Яны загадзя знаёмяцца з праграмамі кандыдатаў і робяць выбар свядома. Упэўнена, так будзе і на гэты раз. Зыходзячы са свайго шматгадовага вопыту, заклікаю не быць апалітычнымі, а галоўнае – раўнадушнымі, ні да сваёй краіны ўвогуле, ні да тых, хто жыве побач.

Прыняў удзел у адкрытым дыялозе 6 верасня Сяргей Станіслававіч Сакалоўскі. Ён, як давераная асоба Людмілы Іванаўны Ніжэвіч, пазнаёміў падрабязна з біяграфіяй кандыдата ў дэпутаты, а таксама з тымі напрамкамі праграмы, якім яна будзе ў сваёй дзейнасці пры выбранні надаваць асаблівую ўвагу. Прыемна было чуць грунтоўныя пытанні да Сяргея Станіслававіча з боку навучэнцаў ліцэя, што пацвярджае: маладое пакаленне нашага рэгіёну пільна сочыць за ўсімі падзеямі ў краіне, як палітычнымі, так і эканамічнымі.

Дыялог заклікае не проста да размовы, а найперш да аналізу існуючай праблемы. Не сакрэт, што менавіта пры такіх сустрэчах можна знайсці тое “зерне”, якое і дасць у будучым добры ўраджай. На гэты раз абмяркоўвалася, ці мае беларуская мова будучыню. На пачатку дыскусіі прыкладна 80% катэгарычна адказалі: “Не!” Калі ж Вольга Мікалаеўна Бранавіцкая расклала літаральна па паліцах нашу сучасную мову, усім стала відавочна: мы ні беларускай, ні рускай мовамі не валодаем на ўсе 100%! Пагадзіліся прысутныя, што без роднай мовы не можа існаваць ні наш народ, ні сама краіна.

Так, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, але калі б узнімалася пытанне аб тым, што трэба пакінуць адну з іх – мы трапілі б у сапраўдную пастку! Толькі, на жаль, менавіта “трасянка” стала спосабам нашых вусных зносінаў. Згодна дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года 60% жыхароў краіны назвалі роднай беларускую мову, аднак карыстаюцца ёю ў жыцці толькі каля 30%.

Пацвердзіў меркаванне наконт таго, што народ павінен мець сваю мову і настаяцель Пакроўскай царквы Клецка пратаіерэй Андрэй Гладкі.

– Не трэба цурацца роднай мовы, – сказаў святар. – У нашым храме раз у год адзін малебен таксама служыцца па-беларуску.

Даведаліся ўдзельнікі сустрэчы аб сацыяльным служэнні Пакроўскага храма, завастрыў увагу настаяцель і на тым, што царква – гэта не інстытут забароны. Яна папярэджвае аб наступствах, што чакаюць чалавека за дрэнныя ўчынкі.

– Законы ж, – адзначыў пратаіерэй Андрэй Гладкі, – ці дзяржаўныя, ці духоўныя, аднолькавыя для ўсіх. І калі людзі не будзе разумець мяжу дазволенасці, або як мы кажам – свабоды, надыдзе хаос! Чалавек павінен узрастаць у сваёй культуры, а не дэградзіраваць.

Нечаканай і прыемнай навіной для мужчынскай паловы стала паведамленне першага сакратара БРСМ аб тым, што ў кастрычніку адбудуцца традыцыйныя спартыўныя баталіі па футболе паміж навучэнцамі СПЛ і служачымі раённага аддзела ўнутраных спраў, да якіх далучацца таксама святары.

– Мы ад вас адрозніваемся толькі адным, – сказаў настаяцель Пакроўскай царквы, – у нашай мове няма брыдкіх слоў, якімі ў вашым маладзёжным асяроддзі прынята карыстацца “для звязкі”. Зменім расы на спартыўную форму і паглядзім, хто мацнейшы!

Вось на такой аптымістычна-спартыўнай ноце і скончыўся адкрыты дыялог. Што ён пакінуў у сэрцах юнакоў і дзяўчат? Пераканана, кожны для сябе акрэсліў тое, што важна менавіта яму: адказнасць упершыню галасуючых да свайго выбару; уласныя адносіны да мілагучнай і непаўторнай роднай мовы; пераасэнсоўванне культуры паводзін і жыцця ў цэлым. А яшчэ, упэўнена, абавязкова задумаюцца аб тым, што будучае нашай краіны так ці інакш залежыць ад іх, маладых!

 

Rate this item
(0 votes)
Read 5040 times

Additional Info

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2024 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»