Моладзь на жніве

Моладзь на жніве

Актыўна працуе на жніве моладзь: 34 камбайнавыя экіпажы і 25 вадзіцеляў. Усе з адказнасцю ставяцца да сваіх абавязкаў. А па-іншаму нельга, калі ў гаспадарках ідзе сапраўдная барацьба за ўраджай.

Першым у раёне сярод маладых вадзіцеляў перавёз больш за тысячу тон збожжа вадзіцель ААТ «Ісерна»  Аляксей Генадзьевіч Ананіч, услед за ім – Васілій Анатольевіч Шушкевіч з філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат».

Васілій Анатольевіч працуе вадзіцелем у гаспадарцы толькі два гады, але мае ўжо добры вопыт работы ў грузаперавозках.

– З тэхнікай, як кажуць, сябрую, вось яна мяне і не падводзіць, – усміхаецца Васілій. –  Падабаецца кіраваць аўтамабілем. Працуем дапазна. Для нас, вадзіцеляў, галоўнае – без страт даставіць зерне на зернеачышчальна-сушыльны комплекс. 

З працоўнай перамогай павіншаваў яго і генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат» Генадзій Пятровіч Варанцоў, уручыў падзячнае пісьмо і грашовую прэмію.

Маладзёжны камбайнавы экіпаж Сяргея Віктаравіча Кузьмічэўскага і Мікалая Міхайлавіча Шахлевіча з ААТ «Падлессе-2003» лідзіруе сярод маладых удзельнікаў жніва. Падчас нашага прыезду ў сельгасарганізацыю экіпаж на адным з палеткаў ліквідаваў непаладкі ў камбайне.

– Выйшла са строю бартавая, ужо заканчваем і – у поле, – гаворыць Мікалай Міхайлавіч, не адрываючыся ад рамонтных работ.

– Жніво – своеасаблівы экзамен для хлебаробаў. Цяжка, але нічога, справімся, – адзначае Сяргей Віктаравіч, для яго сёлетняя ўборачная – першая. – На жаль, крыху – прыпыніліся, цяпер будзем навёрстваць.

Па стане на 3 жніўня працаўнікі ААТ «Падлессе-2003» збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбралі з 1 540 гектараў (75% да неабходнага). Сярэдняя ўраджайнасць – 49,8 цэнтнера з гектара. Дырэктар сельгасарганізацыі Іван Іванавіч Барысавец адзначыў, што на ўборцы задзейнічаны восем камбайнавых экіпажаў, з іх тры – маладзёжныя.

– На жаль, яравыя культуры падсушыла, але плануем атрымаць ураджай не ніжэй мінулагодняга ўзроўню, – гаворыць Іван Іванавіч. – Не ўзнікае затрымак з адвозам намалочанага збожжа на дапрацоўку, наладжана тэхнічнае абслугоўванне сельгасмашын. Дзеля эканоміі паліва сёлета на камбайны ўстанавілі GPS-навігацыю. Аналіз першых дзён паказаў добрыя вынікі. Занятых на жніве работнікаў забяспечваем гарачым харчаваннем. Прадугледжаны меры матэрыяльнага стымулявання работнікаў: напрыклад, за тысячу тон намалочанага ці перавезенага збожжа работніку ўручаем сертыфікат на 20 рублёў для набыцця прадуктаў харчавання ў магазіне сельгасарганізацыі. З механізатарамі, вадзіцелямі,  работнікамі зернесушыльных комплексаў праведзены інструктажы па ахове працы.

Маладых удзельнікаў жніва таксама адзначаюць Падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама, падарункамі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, уручаюць падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і райкама БРСМ.

Rate this item
(0 votes)
Read 4965 times

Additional Info

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2024 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»