Падкупілі неардынарнасцю, шчырасцю і творчасцю

Падкупілі неардынарнасцю, шчырасцю і творчасцю

Лепшага маладога спецыяліста Уздзеншчыны выбралі ў час раённага конкурсу ў Дзень моладзі. 

Творчае спаборніцтва ( а доўжылася яно амаль дзве гадзіны) было яркім, захапляльным і крэатыўным. Як адзначалі прысутныя, інакш і быць не магло, бо сучасная моладзь вызначаецца сваёй энергічнасцю, неардынарнасцю і, вядома ж, талентам.

За дыплом пераможцы змагаліся шэсць канкурсантаў з розных сфер дзейнасці. Ігар Арэхва – аграном адкрытага акцыянернага таварыства “Хатляны”, Вольга Тоўстая – бухгалтар райспажыўтаварыства, Багдана Сойка – медыцынская сястра хірургічнага аддзялення райбальніцы, Яўгенія Сушкевіч – метадыст па дэкаратыўна-прыкладым мастацтве раённага Дома культуры, Вольга Трыгубовіч – настаўніца пачатковых класаў гімназіі, Яўгеній Даўнаровіч – майстар вытворчага навучання ліцэя.

– Кожны з прэтэндэнтаў на званне лепшага маладога спецыяліста улюбёны ў сваю працу, таму можа ўслаўляць яе бясконца, адзначаючы, што яго прафесія патрэбная, – так пра юнакоў і дзяўчат сказала вядучая Алена Малашэвіч.

У час першага этапу конкурсу “Будзем знаёмы!” канкурсанты вершамі, прозай, песнямі стараліся як мага ярчэй сябе падаць. Апладысментамі гледачы падтрымалі навучэнца ліцэя Яўгена Чаглея, яі выйшаў на сцэну з рэп-кампазіцыяй пра свайго майстра. Шчырасцю і меладычнасцю галасоў публіку падкупілі выступленні Вольгі Тоўстай, Яўгеніі Сушкевіч і Вольгі Трыгубовіч. Неардынарнасцю вызначыліся Ігар Арэхва і Багдана Сойка. 

Форму адзення сваёй прафесіі ўдзельнікі дэманстравалі ў другім конкурсным этапе “Dress code”. У час дэфіле бурныя апладысменты здабылі аграном, майстар-газазваршчык і аперацыйная медсястра.

У трэцім туры “Аратар” кожны з удзельнікаў імкнуўся пераканаць журы, што яго прафесія лепшая з лепшых.

Заключны этап конкурсу “Творчасць – адлюстраванне асобы” даў маладым спецыялістам магчымасць паказаць сябе рознабаковымі людзьмі, пазнаёміць гледачоў са сваім хобі. Песні са сцэны дарылі Вольга Тоўстая, Ігар Арэхва, Вольга Трыгубовіч, Яўгенія Сушкевіч. Захапленне ва ўсіх выклікала выстаўка работ Яўгенія Даўнаровіча. Не пакінулі нікога раўнадушнымі майстар-клас па каратэ і слаёная выпечка Багданы Сойка.

Паміж конкурснымі турамі музычныя нумары гледачам дарылі работнікі культуры.

А хто ацэньваў выступленні канкурсантаў і выстаўляў балы? Вядома, канпетэнтнае журы: намеснік старшыні райвыканкама Ала Зінавенка, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Наталля Пожах, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры па справах моладзі Алена Спірына, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Кананенка, першы сакратар райкама БРСМ Юлія Зяневіч, юрысконсульт аддзела адукацыі, спорту і турызму Вераніка Былевіч і намеснік дырэктара школы мастацтваў па вучэбна-выхаваўчай рабоце Анатолій Фалько.

Падсумаваўшы вынікі пяці конкурсных заданняў, журы назвала імя пераможцы. Лепшым маладым спецыялістам стаў майстар вытворчага навучання ліцэя Яўгеній Даўнаровіч.

Астатнія ўдзельнік конкурсу былі адзначаны ў намінацыях: Ігар Арэхва –“Бясцэнная знаходка для раёна”, Вольга Тоўстая – “Залаты голас раёна”, Яўгенія Сушкевіч – “Крэатыўнасць – мой дэвіз”, Багдана Сойка – “Генератар ідэй”, Вольга Трыгубовіч – “За адданасць справе”.

Павіншавалі сваіх маладых спецыялістаў і лідары прафсаюзных пярвічак арганізацый, у якіх яны працуюць.

Rate this item
(0 votes)
Read 4612 times

Additional Info

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2024 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»