«Квітней і слаўся, любы Любань!»

«Квітней і слаўся, любы Любань!»

У мінулую суботу ў Любані прайшлі ўрачыстасці з нагоды 450-годдзя горада. З самай раніцы на плошчы, якая ператварылася ў святочную пляцоўку, гучала віншавальная радыёпраграма.

У скверы і на прылягаючых вуліцах разгарнуліся выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арт-алея, пленэр і выставы-прэзентацыі твораў любанскіх дзіцячых школы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і школы мастацтваў, працавала фотадакументальная выстава «Горад і гараджане…». Насупраць цэнтральнай бібліятэкі з’явіўся «Літаратурны бульвар», а ў музеі народнай славы прымала наведвальнікаў выстава-продаж Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры.

У гандлёвых намётах на вуліцах горада можна было набыць розныя прысмакі і сувеніры. Калектывы сельвыканкамаў, раённых прамысловых прадпрыемстваў і лясгаса гасцінна запрашалі на свае стылізаваныя беларускія падворкі, дзе пад трапныя словы пажаданняў і народныя песні шчыра частавалі гасцей свята блінцамі, мядком, шашлычком, гароднінай і наліўкамі, рознай выпечкай.

Хутка прагучалі фанфары, абвясціўшы што асноўнае дзейства з нагоды юбілею Любані пачалося. Па Першамайскай рушыла святочная калона з геральдыкай горада, віншавальнымі плакатамі, караваем – сімвалам працалюбівай Любаншчыны – у акружэнні дзяцей-анёлаў. Затым дэфіліравалі дзяўчаты ў строях з прыроднага матэрыялу, прайшліся дзеці з Някрасаўскага раёна Яраслаўскай вобласці, ансамбль «Расіяначка» з Багародска Ніжагародскай вобласці. Гледачы ўбачылі беларускія народныя строі розных вёсак з прыладамі працы і атрыбутамі. Пад гукі духавога аркестра ДШМ у шэсці пачэсна неслі ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені, якім узнагароджана Любанская камсамольская арганізацыя.

У святочнай калоне прайшло больш за дваццаць працоўных калектываў горада, работнікі санаторыя «Рассвет-Любань», спартсмены, узорныя дзіцячыя ансамблі і калектывы раённага Цэнтра культуры і дзіцячай школы мастацтваў. З шарамі і цацкамі побач з дарослымі крочылі выхаванцы дзіцячых садкоў Любані і Сарачоў, выпускнікі ўстаноў адукацыі і нават маладажоны.

Цікавым быў і парад рэтрамабіляў грамадскага аб’яднання «Машына часу», а пасля – і тэматычных, у тым ліку з сімволікай грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «БРСМ». На перапоўненай плошчы знай-
шлося месца і для ўдзельнікаў маладзёжнага танцавальнага флэшмоба.

У шэсці можна было ўбачыць і славутага князя Вялікага Княства Літоўскага Багуслава Радзівіла са сваёю світай – ён нібы завітаў на свята. Менавіта з імправізаванай даўніны пачалося асноўнае дзейства на сцэне плошчы, каб на нейкі час прысутныя змаглі перанесціся думкамі ў 1566 год, калі была заснавана Любань.

Князь зачытаў магнацкую грамату, пасля ўручыў нагрудны медальён з гербам, слуцкі пояс і ключ – сімвалы ўлады – старшыні Любанскага райвыканкама Сяргею Казецкаму. Звяртаючыся да прысутных, Сяргей Іванавіч адзначыў, што Любанскі край самабытны, багаты духоўнымі і культурнымі традыцыямі, які ўмацаваў партнёрскія сувязі з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. На Любаншчыне жывуць мужныя і моцныя духам людзі. Старшыня ўзгадаў працоўныя заслугі асушальнікаў балот 30-х гадоў, слаўных змагароў за свабоду і незалежнасць краіны падчас Вялікай Айчыннай вайны, Герояў Сацыялістычнай Працы, паэтаў, пісьменнікаў, знакамітых вучоных і спартсменаў.

Затым жыхароў вітаў першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Ігар  Макар. Пасля віншавання любанчан ён ўручыў Ганаровыя граматы аблвыканкама Юрыю Гаркаўчуку, ляснічаму Соснаўскага лясніцтва, Святлане Лагун, загадчыку тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы, і Людміле Шапель, настаўніцы англійскай мовы Гімназіі №1 г. Любані, за шматгадовую плённую працу, рэзультатыўную прафесійную дзейнасць, вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Любанскага раёна.

Пранікнёныя словы падзякі ветэранам вайны і працы выказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таіса Данілевіч і адрасавала шчырыя пажаданні ўсім жыхарам Любаншчыны. Павіншаваў гараджан і Васіль Акуліч – генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Агракамбінат «Мачулішчы». Як былы старшыня райвыканкама, Васіль Іванавіч з цеплынёй у сэрцы адазваўся пра любанчан.

На юбілей горада прыехалі і нашы партнёры з братняй Расіі – дэлегацыі з муніцыпальных раёнаў Ніжагародскай вобласці (г. Багародск), Маскоўскай (г. Паўлаўскі Пасад), Яраслаўскай (пасёлак Някрасаўскае). Госці зычылі шмат добрага, падкрэслілі значнасць стасункаў паміж рэгіёнамі, уручылі сувеніры і падарункі.

На вялікім свяце чым больш гасцей, тым лепш, таму любанчане з радасцю сустракалі сяброў з Фрунзенскага раёна сталіцы, з суседніх Салігоршчыны і Старадарожчыны, Жыткавіцкага, Акцябрскага і Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай і Глускага раёна Магілёўскай абласцей.

Думаецца, прыемна было адчуваць, што сярод нас на юбілеі прысутнічалі ганаровыя грамадзяне горада і раёна, знакамітыя землякі, у іх ліку Іван Муравейка, Анатоль Дастанка, Аляксандр Матвейка, Міхаіл Пятровіч і іншыя. З цікавасцю слухалі выступленне Івана Семянені, заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь, намесніка старшыні
Беларускай федэрацыі гандбола, які падарыў на ўмацаванне спартыўнай базы ўстаноў раёна 100 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі). З хваляваннем, любоўю і павагай гледачы віталі нашу зямлячку, спявачку Валянціну Альшанскую, салістку Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. Да слова, праграма мерапрыемства перамяжоўвалася музычнымі нумарамі мясцовых артыстаў і дзіцячых ансамбляў Любанскіх ДШМ, РЦК і гасцей.

Кульмінацыяй урачыстасці стала прадстаўленне, а затым і частаванне ўсіх юбілейным караваем. Прадоўжылася дзённая праграма канцэртам з удзелам паэта, кампазітара і музыканта Івана Раманчука і дзяцей Салігорскай ДШМ.

Адзначыць дзень горада не перашкодзіла і вялікая спякота, таму што да юбілею рыхтаваліся загадзя ўсе: і арганізатары мерапрыемства, і працоўныя калектывы, дзеці і дарослае насельніцтва, і госці таксама. У выніку Любань атрымала цудоўнае свята ў свой 450-гадовы юбілей.

Rate this item
(0 votes)
Read 4506 times

Additional Info

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2024 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»