Як школьніца серабро знайшла

Як школьніца серабро знайшла

Адна з ідэй рэспубліканскага праекта БРСМ "100 ідэй для Беларусі" належыць адзінаццацікласніцы са Стаўбцоўшчыны – Анастасіі Навуменка.

Анастасія ў ліку нямногіх аўтараў заўважаных і адзначаных маладзёжных ідэй, якая займаецца ў школе. Большасць – гэта студэнты або нават супрацоўнікі навукова-даследчых лабараторый. Яна ж пакуль вучыцца ў ДУА "Любкаўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа" і менавіта са школай, з вывучэннем такога прадмета, як хімія (мае па гэтым прадмеце дзявятку пры сярэднім бале ў дзённіку вучня 8,7) звязала свой праект. Называецца ён – "Рэгенерацыя нітрату серабра ва ўмовах школьнай лабараторыі" (кіраўнік праекта – настаўнік хіміі першай катэгорыі Т. М. Клімовіч).

Выбраная тэма паказалася Экспертнаму савету (у яго саставе – прадстаўнікі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі, навукова-тэхналагічнага парка БНТУ "Політэхнік", саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва", савета маладых вучоных і т. п.) перспектыўнай, таму праца Анастасіі была прадстаўлена на абласны ўзровень, а затым – і на рэспубліканскі.

– Мы вельмі рады поспеху Анастасіі. Хацелася б, каб яе прыклад паслужыў стымулам для нашай моладзі ў "генерацыі" інавацыйных ідэй і праектаў, – зазначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Нядаўна Анастасія Навуменка вярнулася з фінальнага этапу рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі" ў фармаце "ШОУ-ТЭХНАЛОГІІ: выстаўка маладзёжных інавацый-2016", які праходзіў у Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа". Дзейнасць яго была наладжана ў двух сектарах. Пасля агляду выстаўкі адбыліся: урачыстае ўзнагароджанне – уручэнне ўдзельнікам пасведчанняў Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці BELBRAND, і прысвечаная ім канцэртная праграма.

– Галоўнае – не перамога, а ўдзел у праекце, – сціпла вызначае для сябе Анастасія. – Я люблю ўрокі па хіміі, але, на жаль, вольнага часу не так многа, каб далей прысвяціць сябе розным даследаванням.

– У чым актуальнасць твайго праекта для школы, сістэмы адукацыі, Беларусі ў цэлым?

– Даследаваны метад рэгенерацыі нітрату серабра можа быць выкарыстаны для атрымання дарагога рэактыву ва ўмовах школьнай лабараторыі, прычым, з адпрацаваных раствораў. Сам па сабе ён уяўляе найбольш эканамічна выгадны і бяспечны спосаб, які можа знайсці прымяненне на ўроках хіміі і факультатывах.

– Ты сказала пра эканамічную выгаду праекта. Яе можна акрэсліць якімі-небудзь лічбамі, паказчыкамі?

– Паспрабую. Хімічныя лабараторыі ў школе з'яўляюцца спажыўцамі серабра ў выглядзе нітрату. Нават пры грубых падліках выходзіць, што на адзін клас за чатыры гады расходуецца 26 грамаў нітрату серабра без уліку дэманстрацыйных вопытаў. Нітрат серабра неабходны ў вельмі многіх хімічных вопытах. З дапамогай гэтага рэактыву можна даказаць прысутнасць у растворы хларыд-, брамід-, іадыд- і фасфат-іонаў. У арганічнай хіміі выкарыстоўваюць рэакцыю ўтварэння сярэбранага люстэрка для распазнавання альдэгідаў. Аднак гэтае рэчыва, нітрат серабра, дастаткова дарагое і дэфіцытнае, яго набыццё стрымліваецца недахопам фінансавых сродкаў.

Зменшыць страты хімічных рэактываў, у прыватнасці, нітрату серабра, можна аднаўленнем. Для гэтага яго неабходна беражліва расходаваць, а рэшткі пасля зробленых вопытаў абавязкова рэгенерыраваць. Рэгенерыраваць нітрат серабра можна без дадатковых выдаткаў, пры выкарыстанні толькі тых рэактываў, якія ёсць у школьнай лабараторыі. Улічваючы даступнасць, мною былі выбраны метады рэгенерацыі з дапамогай фармаліну і металу. Атрыманае такім чынам серабро, калі растварыць яго ў азотнай кіслаце, прыдатнае для ўтварэння нітрату серабра.

– Анастасія, з хіміяй будзе звязана твая будучая прафесія?

– Думаю, што не, хаця да канца я яшчэ не вызначылася. Рыхтуюся да выпускных экзаменаў і тэсціравання…

Наперадзе ў выпускніцы Анастасіі Навуменка вельмі адказны перыяд, але скрупулёзнасць, інтуіцыя даследчыка павінны дапамагчы ёй зрабіць правільны выбар.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 406 раз

Дополнительная информация

  • Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2017 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.