Версия для печати

Побач з дарослымі шчыруюць падлеткі

Побач з дарослымі шчыруюць падлеткі

Больш за палову плошчы, занятай збожжавымі і зернебабовымі культурамі, у ААТ «Палессе-агра» ўжо абмалочана. Усе дзевяць камбайнавых экіпажаў працуюць максімальна прадукцыйна, каб паспець убраць вырашчаны ўраджай пакуль стаіць добрае надвор’е і без страт.

Дарэчы, як паведаміў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Аляксей Статкевіч, валавы намалот сёлета павінен быць не меншы, чым за мінулагодні (летась – 5 300 т). Каля 4 500 тон зерня ўжо маецца.

Увесь сабраны ўраджай адразу ж дапрацоўваецца. А таму на збожжатоку работа кіпіць так жа, як і на палетках. І побач з дарослымі шчыруюць падлеткі – старшакласнікі мясцовай Соснаўскай №1 адзінаццацігодкі (ад 14 гадоў), а таксама выпускнікі апошніх гадоў – а зараз навучэнцы Салігорскага педагагічнага каледжа, Любанскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя і г.д. «Вырашылі дапамагчы гаспадарцы падчас канікул, а заадно і зарабіць уласныя грошы», – адзначылі рабяты. Па словах дырэктара, штодзённы заробак юнакоў і дзяўчат складае ў сярэднім 10-12 (дэнамініраваных) рублёў. Гэта пры тым, што падлеткі заняты толькі 4-6 гадзін, у залежнасці ад аб’ёму работы. Яна, дарэчы, пасільная – падбуртаваць зерне, падмесці пляцоўку збожжатоку.

Арганізоўвае і кантралюе дзейнасць рабят брыгадзір Святлана Федарэнчык. Святлана Іванаўна адзначыла, што яны працуюць у дзве змены, у кожнай, як правіла, па 8-10 юнакоў і дзяўчат. Усе старанна выконваюць даручэнні брыгадзіра і тым, зразумела,  уносяць свой уклад у пачэсную хлебаробскую справу.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 4354 раз

Дополнительная информация

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии