08.06.2020

Праўда дарожа грошай

Праўда дарожа грошай

Дрэннаму — не пакарыцца,

Добрае — не празяваць.

 Пімен Панчанка

Зусім нядаўна залез на старонку свайго сябра па фэйсбуку – Кастуся, ён выкінуў пост пра вельмі спрэчнага палітыка і пісьменніка з Расіі, але ўзгадваць прозвішча не буду, бо, як казаў раней, пішу выключна пра сваё і сваіх, пра чужых і чужое напішуць іншыя. Дык вось, пост той выклікаў шмат гнеўных каментароў пра тое, што аўтар не разумее пра што піша, адышоў ад беларускіх канонаў і традыцый, піярыць асоб, якія гэтага не заслугоўваюць і гэтак далей. Палеміка ў каментарах была вельмі доўгай, але ўзнікла ўражанне, што большасць не чытала тэкст уважліва, бо тады б зразумела, што пост быў зусім не пра варожасць і не дзеля піяра таго дзеяча. Пост той быў пра юнацкія ўспаміны майго сябра, звязаныя з творчасцю пісьменніка. Ён не падзяляў яго поглядаў, але захапляўся яго літаратурным майстэрствам, і, самае галоўнае, не хаваў гэтага, шчыра выказаў сваю пазіцыю.

Для чаго я гэта пішу? Бо часта наша асабістая пазіцыя, прынцыпы, ідэі, якія мы агучваем, у тым ліку і на сваіх старонках у сацыяльных сетках, выклікаюць шырокую дыскусію і, на жаль, часта зусім не канструктыўныю. Нават тады, калі пост у прынцыпе бывае на першы погляд нейтральным, аказваецца, таксама можа выклікаць неадэкватную рэакцыю. Так, маю знаёмую Алену, якая павіншавала ўсіх з Днём Перамогі на ўласнай старонцы ў фэйсбуку, розныя “разумнікі” пачалі вучыць, як правільна трэба пісаць пра свята 9 мая, папракаць у тым, што не тую фотку выклала, не тыя словы сказала, ды і наогул усё было не так, а інакш. Дзіўна і непрыемна такое чытаць, бо лічу, што кожны з нас мае права выказаць сваю думку па тым ці іншым пытанні, агучыць хвалюючыя праблемы, тэмы, альбо акрэсліць пэўныя палітычныя прыхільнасці і погляды. Гэта нармальна ў сучасным грамадстве, тым больш для гэтага створаны ўсе ўмовы ў наш інфармацыйны час. І калі ўзнікаюць пэўныя спрэчныя пытанні ці моманты, то самае галоўнае тут не пераходзіць мяжы, а даваць выказацца іншым, весці здаровы дыялог, абгрунтоўваць сваю пазіцыю, прыводзіць прыклады, калі гэта неабходна. Недапушчальным лічу і сітуацыю, калі людзей за іх пазіцыю на нейкім анлайн-форуме, выступу ў СМІ, ці проста праз пакінуты каментарый, пастаўленую падабайку ці непадабайку пачынаюць цкаваць, дасылаць шмат абражлівых слоў, распаўсюджваць хлуслівыя звесткі, пагражаць, толькі за тое, што яны маюць адрознае меркаванне, як гэта адбылося з актывісткамі БРСМ, студэнткамі ўніверсітэта культуры і мастацтваў - Ілонай і Вікай. Але сутнасць не ў гэтым. Сутнасць у тым, што мы часта не хочам разбірацца ў чужых думках, пачуццях, мы бачым нейкую частку тэксту, фрагмент і дазваляяем сабе паліваць брудам чалавека за яго пазіцыю, што не правільна ў цывілізаваным грамадстве. Мы павінны навучыцца весці дыскусію не абражаючы, не прыняжаючы і не пагражаючы адзін аднаму, бо ўсе мы – беларусы. Мая сяброўка Насця зарэпосціла на сваёй старонцы ў ВК пазіцыю лідара БРСМ па Прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, якую яна цалкам падзяляе, нікому яе не навязвала і іншым на сцяну не закідвала. Але яе на пэўны перыяд за гэта заблакіравалі на пэўных мясцовых рэсурсах яе рэгіёна, што на мой погляд не мае лагічнага сэнсу. Праўда, хутка разблакіравалі, але, як кажуць, асадачак застаўся. Часта чую, што многія суайчыннікі публічна выдаляюць людзей з сяброў у сацыяльных сетках і ўносяць у нейкія чорныя спісы, толькі за тое, што чалавек выказаў сваю думку. У мяне заўсёды ўзнікае пытанне: для чаго? Магчыма, дзеля нейкага асабістага хайпу, можа, ім так больш камфортна, а можа яшчэ дзеля чаго-небудзь. Мне гэта не зразумела. У кожнага ёсць і павінна быць свая пазіцыя, свае думкі і погляды - гэта нармальна. Галоўнае, каб гэтыя погляды былі накіраваны на пабудову нашай краіны, а не наадварот. Таму не трэба слухаць розных “добразычліўцаў”, якія хочуць абагаціцца на беларусах, знішчыць тое, што мы стагоддзямі стваралі, назапшвалі і памнажалі. Заўсёды трэба памятаць словы Янкі Купалы, што “мы не прыблуды якія, а колькімільённы народ Беларусы, засяляючыя сваю спрадвечную Бацькаўшчыну – Беларусь”.

Неяк у інтэрв'ю ў мяне запыталіся, якія ў мяне палітычныя погляды і я адказаў, што ў беларуса можа быць толькі адзін погляд — гэта Беларусь. Ад гэтага і трэба адштурхоўвацца, зыходзіць з нашай традыцыі і менталітэту і дакладна разумець што добра, а што дрэнна для Бацькаўшчыны. Калі невядомыя аўтары ў сваіх публікацыях на нейкіх рэсурсах адкрыта выступаюць супраць нашых каштоўнасцей, дзяржавы, суверэнітэту, то трэба рэагаваць, калі пэўныя людзі хочуць неяк сказіць сітуацыю, адкрыта пішуць хлусню, якая ставіць пад пагрозу незалежнасць краіны, неабходна прымаць меры. Такое дараваць немагчыма, як і абразу нашай роднай дзяржаўнай беларускай мовы, сімволікі, культурных традыцый, нацыі. Як сказаў Народны паэт Пімен Панчанка: “Мала сказаць: ненавіджу, мала сказаць: прызнаю. Біцца за праўду — і выжыць, нібы салдат у баю”.

Час аб’яднацца раЗАм за моцную і квітнеючую Беларусь, бо як кажа народная мудрасць: «Праўда дарожа грошай».    

08 чэрвеня 2020

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 1808 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»