23.02.2021

Мова - наш абарончы мур

Мова - наш абарончы мур

А задумае вораг з далёкага краю

Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю —

He дазволю. He дам. He прадам.He змяняю.

I да смерці за волю тваю пастаю!

Ніл Гілевіч

Першапачаткова планавалася, што артыкул будзе называцца неяк інакш, але ўлічваючы той факт, што 2021 аб’яўлены годам народнага адзінства, было вырашана падкрэсліць у ім вяртанне адзінай дзяржаўнай беларускай мовы.

Па факце дадзеная публікацыя – усяго толькі працяг тэмы, якая была закранута амаль на ўсіх старонках майго блогу, але сёння набыла надзвычайную актуальнасць, бо, як было адзначана падчас маіх шматлікіх паездак па рэгіёнах, сустрэч у працоўных калектывах, размовах з моладдзю, то для таго, каб нам быць моцнай дзяржавай, важна мець толькі адну тытульную дзяржаўную мову, улічваючы, што рыхтуецца Канстытуцыйны рэферэндум. Прычым гэта не азначае, што ўсе заўтра павінны перайсці на беларускую ці перастаць карыстацца рускай ці іншымі мовамі, гэта азначае тое, што зацвердзіўшы адну мову, мы падкрэслім, што наша дзяржава мае сваю ўнікальную культуру і традыцыю, якая пануе ва ўсіх сферах жыцця і з’яўляецца выключным прыярытэтам нашай палітыкі. Таксама, дзякуючы гэтаму, бюджэт штогадова будзе эканоміць шмат сродкаў, якія зараз выдаткоўваюцца на дубляж дакументаў, выраб падручнікаў на дзвюх мовах і гэтак далей.

Хочацца падкрэсліць і той важны момант, што адзіная беларуская мова – гэта наш абарончы мур у любыя часы. Я ўжо неяк прыводзіў прыклад, што мова – гэта мур, які рухаецца па рэйках і з’яўляецца лакаматывам жыццядзейнасці любой дзяржавы; прычым важна разумець, што моўныя лакаматывы – гэта праваднікі ідэй і культуры нацыі, таму трэба з засцярогай ставіцца да моўных лакаматываў з іншых краін, бо яны нясуць у сабе чужыя правілы і законы. Хто выстаіць у гэтым супрацьстаянні, той і пераможа ў будучым. Адразу ўзнікае ў памяці тэрмін “рэйкавая вайна”, якая адбывалася падчас Другой сусветнай і вялася супраць нямецкіх акупантаў беларускімі партызанамі. З часоў школьнага курса па гісторыі ведаю пра тое, што дадзеная тактыка ўпершыню пачала прымяняцца нашымі касінерамі на нешматлікіх тады яшчэ чыгунках у гады паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863-м. Але гаворка пойдзе не пра гэты вайсковы прыём, а пра яго аналогію, якую я пазначыў ужо раней, параўняўшы нашу родную беларускую мову з абарончымі рэйкамі, якія адрозніваюцца ад рэек патэнцыйнага ворага і даюць перавагу ў любой вайне, асабліва ў інфармацыйнай і за незалежнасць, бо спачатку трэба вывучыць мову, зразумець культуру, а пасля толькі наступаць, а гэта пэўны час, які грае не на карысць акупантаў. Рэйкавая вайна ў моўным аспекце – гэта супрацьстаянне культур, што асабліва актуальна ў наш інфармацыйны час, калі на прасторах інтэрнэта шмат варожай замежнай прапаганды. З гісторыі нам вядома, што ў першую чаргу захопнікі заўсёды імкнуліся вынішчыць мову і культуру нашага народа, каб пасля не толькі захапіць тэрыторыю, а зрабіць народ, які на ёй пражывае, рабамі, манкуртамі, людзьмі без племені і роду, якія служаць на карысць іншай дзяржавы. Так было ў часы татальнай паланізацыі і русіфікацыі, калі адныя хацелі бачыць нас у складзе Польшчы, а другія – Расіі, але насуперак усяму мы запачаткавалі сваю дзяржаву, сказаўшы ўсяму свету, што мы – беларусы. На жаль ворагі імкнуцца нас падпарадкаваць, і ў першую чаргу робяць гэта праз падмену нашай спрадвечнай ідэнтыфікацыі на замежную, спрабуюць ламаць культурны і моўны код беларуса, што яскрава робіцца праз укараненне іншых культурных каштоўнасцей праз СМІ, кінаіндустрыю, музыку, літаратуру, інтэрнэт і інш. Асабліва гэта бачна ў ХХІ стагоддзі, калі адлегласці маюць мінімальнае значэнне, а гульцоў на полі становіцца больш, чым раней. Але не хочацца казаць пра сумнае, бо апошні перапіс паказаў рост людзей, якія назвалі беларускую мову роднай, а гэта значыцца, што ўсё ідзе да лепшага. Важна адзначыць, што беларуская мова ўжо даволі працяглы час ёсць сярод моў разнастайных электронных прылад: тэлефонаў, камп’ютараў, іншых гаджэтаў, выкарыстоўваецца ў рэкламным і іншым бізнесе, карацей, не здае сваіх пазіцый, а нават штодня адваёўвае новыя.

Памятаю часы, калі трэба было спецыяльна спампоўваць самаробную праграму, каб мець беларускую раскладку клавіятуры, цяпер – гэта норма. Пра што гэта нам кажа? Усё пра тое ж, што беларуская мова паступова вяртае сабе ўплывы, а гэта сведчыць, што ўжо зусім хутка наша краіна зробіцца яшчэ больш моцнай, але для гэтага мы ўсе павінны плённа працаваць і размаўляць па-беларуску, бо пакуль жыве мова – жыве народ і Беларусь!

21 лютага 2021 г.

Rate this item
(0 votes)
Read 1649 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»