08.10.2020

Радзіма

Радзіма

Быць шчырым прад усімі.

Быць шчырым прад самім сабой,

Любіць Радзіму і загінуць,

калі спатрэбіцца, на ёй.

Таццяна Казановіч (урывак з песні “Не бойся”)

Працягваючы працу над дысертацыйным даследаваннем, хочацца падзяліцца праз блог вытрымкамі, якія тычацца паняцця “радзіма”, якое цесна ўплецена ў патрыятызм. Зрабіць публікацыю мяне натхніла не толькі праца над дысертацыяй, а і вядомая песня-гімн на словы Алеся Бачылы, якая ў мае школьныя гады абавязкова была змешчана ў дзённіку. Як многія маглі здагадацца – назва верша і песні «Радзіма мая дарагая». Памятаю, як пачуў альтэрнатыўнае, рокерскае выкананне гэтай песні на альбоме «Я нарадзіўся тут», і адразу палюбіў новае гучанне, зразумеўшы, што моцныя патрыятычныя словы могуць класціся на абсалютна розныя мелодыі і быць зразумелыя кожнаму. Гэты верш з дзённіка, у тым ліку, стаў адным з сімвалаў, якія дапамагаюць мне ведаць, хто мы і куды павінны рухацца. Але ад эмоцый вернемся ў навуковую сферу, якая абавязкова дапаможа разабрацца ў разуменні сутнасці паняцця «радзіма».

Разгледзім больш падрабязна гэтае паняцце, каб удакладніць, што ў ім закладзена. А.Л. Барчук адзначае, што радзіма – гэта адна з формаў быцця народа на макрасацыяльным узроўні, у межах якой аб’яднанне людзей у супольнасці спалучаецца з іх адноснай адасобленасцю. Радзіма ўяўляе сабой сацыяльны арганізм, у развіцці якога суіснуюць сістэмы розных сацыяльных адносін, абумоўленыя гістарычнай спадчынай, нацыянальным характарам і іншымі падобнымі фактарамі.

Такім чынам, у паняцці «радзіма» можна ўбачыць сацыяльныя асаблівасці, якія характарызуюць нацыю: культуру, агульныя рысы сацыяльна-псіхалагічнага аблічча, усведамленне адзінства. С.С. Кацэвіч піша, што «радзіма» – гэта не толькі нейкая аб’ектыўная рэальнасць, але яшчэ і пэўная сістэма каштоўнасцей. А паколькі гэтыя каштоўнасці разумеюцца і прымаюцца кожным суб’ектам па-свойму, то патрыятызм нельга стандартызаваць, зводзіць да адной мадэлі паводзін. Патрыятычныя паводзіны альтэрнатыўныя па самой сваёй сутнасці». Разуменне гэтага дазваляе пазбегнуць многіх нежаданых праблем, якія ў тым ліку назіраюцца сёння. Праявы патрыятызму могуць быць самымі рознымі. Як пачуццё, ён можа мець сваім вынікам сацыяльную актыўнасць асобы, але ў пэўных умовах можа абярнуцца і дэпрэсіўнай пасіўнасцю, страхам, як за будучыню дзяржавы, так і за сваю ўласную. Многае тут залежыць ад узроўню выхаванасці асобы, духоўнага развіцця, маральнай сталасці, бліжэйшага асяроддзя.

Падсумаваўшы сказанае вышэй, можна вывесці тэзіс, што паняцце «радзіма» не толькі адлюстроўвае суіснаванне сацыяльных арганізмаў, але і вызначае цэлы комплекс сацыяльных і духоўных з’яў, якія ўяўляюць сабой пэўную сістэму каштоўнасцей. Калі выказацца прасцей, то ўсе нашыя непаразуменні ляжаць у тых каштоўнасцях, якія з’яўляюцца важнымі тым ці іншым асобам. Калі зрабіць зрэз, то можна зразумець, што многія каштоўнасці ў таго ці іншага чалавека могуць не супадаць, але сярод усяго гэтага, важна зразумець той базіс, на якім усё павінна грунтавацца.

Маральны змест патрыятычных пачуццяў абумоўлены неабходнасцю спалучэння каштоўнасных арыентацый, адрасаваных да грамадства, асобы, дыялектыкай грамадскіх (дзяржаўных, нацыянальных, рэлігійных, калектыўных) і індывідуальных інтарэсаў. З гэтага пункту гледжання этычныя прынцыпы ўзгадняюць названыя супрацьлегласці такім чынам, што «падпарадкаванне» агульнаму, з аднаго боку, адбываецца па добрай волі, а з другога – агульнае ўбірае ў сябе адзінкавыя інтарэсы, здымае супрацьпастаўленне ім. Да асноўных каштоўнасцей радзімы, па меркаванні А. Л. Барчука, успрыманне якіх фарміруе адпаведную сацыяльную ацэнку суб’екта, можна аднесці:

  • чалавека, яго жыццё і дзейнасць;
  • спецыфічныя каштоўнасці сацыяльных груп, якія складаюць грамадства (у тым ліку і нацыянальныя);
  • каштоўнасці эканамічнай сферы (вытворчыя сілы, вытворчыя адносіны, працэс і вынікі працы);
  • каштоўнасці сацыяльна-палітычнай сферы (грамадскі лад, палітычныя арганізацыі, сацыяльная структура, неэканамічныя сацыяльныя адносіны);
  • духоўныя каштоўнасці (навука, адукацыя, ідэалогія, псіхалогія, культура, традыцыі і г. д.);
  • прыроду краіны.

У якасці мэтавых арыенціраў могуць выступаць сэнсы чалавечага быцця, якія выяўляюцца ў першую чаргу ў свеце каштоўнасцей як сістэмаўтваральных элементаў у структуры асобы, галоўная мэта якіх можа быць сфармулявана наступным чынам: адраджэнне ў нашым грамадстве патрыятызму як найважнейшай духоўна-маральнай і сацыяльнай каштоўнасці, фарміраванне і развіццё падрастаючага пакалення, якое ведае сваю гісторыю і культуру, размаўляе па-беларуску, валодае найважнейшымі сацыяльна значнымі якасцямі, здольнае праявіць іх падчас стваральнага працэсу ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь, ва ўмацаванні і ўдасканаленні яе асноў, у тым ліку і ў тых відах дзейнасці, якія звязаны з яе абаронай.

Падводзячы вынікі, хочацца адзначыць, што ўсё тое, што было напісана вышэй закранае толькі маленькую частку такога складанага паняцця як «радзіма». Спадзяюся, пасля прачытання дадзенага артыкула кожны неабыякавы беларус, пераасэнсуе ўсё вышэй напісанае і самастойна раскрые для сябе ўсю сутнасць і паўнату служэння нашай агульнай Радзіме - Рэспубліцы Беларусь.

Завяршыць дадзеныя разважанні хочацца словамі Леаніда Пранчака з песні-гімна, музыку для якога напісаў Васіль Раінчык:

Жыве Беларусь! Веру будзе жыць заўсёды!

08 кастрычніка 2020г.

Rate this item
(0 votes)
Read 1641 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»