21.09.2020

Патрыятызм

Патрыятызм

Я з грамадой іду па шчасце нам.

Мой меч зіхціць, непераможны востры,

Змагуся сам, дык сотням перадам.

У. Жылка «Меч»

У чарговы раз узяўся за дапрацоўку кандыдацкай дысертацыі пад назвай: «Патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у працэсе святочнай дзейнасці». Улічваючы падзеі, якія адбываюцца, тэма, над якой працую, робіцца звышактуальнай, хаця калі быць шчырым, яе актуальнасць ніколі не гублялася, бо патрыятызм і патрыятычнае выхаванне моладзі заўсёды былі ў эпіцэнтры не толькі маёй ўвагі, а і многіх грамадскіх і палітычных дзеячаў, навукоўцаў, паэтаў і пісьменнікаў, музыкаў, артыстаў і нават простых людзей на працягу многіх пакаленняў. Гартаючы старонкі навуковай працы, хочацца прайсціся па вытоках патрыятычнай думкі нашых славутых мысляроў і, канешне, акрэсліць паняцце патрыятызму для маладога пакалення. Улічваючы, што тэкст будзе складацца з урыўкаў дысертацыі, адпаведна, ён будзе мець асаблівы стыль і трошачкі большы фармат і на жаль пэўную недасканаласць, як з пункту гледжання навукі, так і публіцыстыкі. Спадзяюся, гэта не перашкодзіць чытачам больш разабрацца ў такой неабходнай з’яве любога грамадства як патрыятызм, бо гэты артыкул усяго толькі замалёўка, якая дае плён для далейшых думак і добрых учынкаў на карысць нашай Бацькаўшчыны – Рэспублікі Беларусь.

Мінулае нашай Радзімы пераканаўча сведчыць пра тое, што ва ўсе часы патрыятычная ідэя была адным з асноўных фактараў, якія забяспечваюць жыццёвасць грамадства. Пра гэта ў сваіх працах выказаліся Мікола Гусоўскі, Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сіміён Полацкі. Скарына – першая магутная постаць, у філасофіі якой мы бачым тыя прыкметы патрыятызму, што сталі базавымі ў наш час. У прадмове да кнігі «Юдзіф» Скарына піша: «Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае – гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць». Творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Алаізы Пашкевіч, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых мысляроў ХІХ–ХХ стст. прасякнута патрыятычным духам, любоўю да Радзімы, беларускай мовы, культуры і традыцый роднага краю. Алаіза Пашкевіч (Цётка) адзначала, што «скарб, які ніхто і ніколі адабраць у нас не здолее, – гэта любоў да Радзімы, да свайго народа і да сваёй роднай мовы». Варта адзначыць, што гэта вельмі моцнае заява. Нашая вядомая паэтка і грамадская дзеячка дакладна ведала, што патрыятызм – гэта скарб, які ўключае ў сябе ўсю палітру: ад тэрыторыі да мовы, ад простай традыцыі да магутнай культуры, ад кожнага асобнага бедаруса да адзінай нацыі. Патрыятызм – гэта абалонка, куфар, а ўсё тое, пра што ішла гаворка, скарб, сапраўднае багацце, назапашанае продкамі нам у спадчыну, якое трэба захаваць і перадаць наступным пакаленням, каб быць незалежнымі, заможнымі і мець магчымасць людзьмі звацца. Тое, пра што кажа нам Скарына, Цётка і іншыя славутыя землякі, знаходзіць сваё адлюстраванне і сярод сучасных навукоўцаў. Так, вядомы філосаф, прафесар    М.І. Крукоўскі вызначаў патрыятызм як частку беларускай ідэі, светаразумення, светаадчування, філасофіі беларуса: «Беларуская ідэя – гэта гарачы і шчыры патрыятызм у адносінах да сваёй зямлі, да сваёй краіны як суверэннай дзяржавы, роўнай з іншымі рэспублікамі, цалкам самастойнымі, як у гаспадарчым, так і ў культурным плане». Нельга не пагадзіцца з такім азначэннем, які закранае ўсе бакі развіцця і ўмацавання сучаснай Беларусі. С.С. Кацэвіч піша пра патрыятызм асобы як пра маральную ўласцівасць, што выступае ў якасці станоўчага праяўлення яе патрыятычнай свядомасці (веданне мінулага і сучаснага стану сваёй Бацькаўшчыны, інтарэсы свайго народа, гатоўнасць абараняць яе незалежнасць, множыць матэрыяльнае і духоўнае багацце, адстойваць гонар і годнасць сваёй нацыі, ведаць і любіць родную мову, нацыянальную культуру). Гэтым азначэннем можна падкэсліць усё вышэй сказанае і дадаць, што не бывае патрыятызму без дзеяння. Захаваць і перадаць наш нацыянальны скарб – гэта добра, а памножыць яго - яшчэ лепш, бо любая нацыя і дзяржава жыве толькі пакуль развіваецца. Малады даследчык, кандыдат педагагічных навук М. Леснічэнка-Рагоўская падкрэслівае, што патрыятызм уяўляе сабой адну з якасцей асобы – быць карысным чалавецтву, Айчыне і самому сабе. Гэта адно з маіх любімых тлумачэнняў, бо яно вельмі ёмістае і трапнае. Патрыятызм як якасць асобы, як неад’мная частка, якая вызначае чалавечую аснову быць карысным, рабіць добрыя справы і ўчынкі, памятаць пра інтарэсы Бацькаўшчыны, якія праяўляюцца праз асабістыя. Падводзячы вынік гэтага кароткага аналізу азначэнняў, прывяду сваё ўласнае, якое вызначае патрыятызм як духоўна-маральную і неабходную каштоўнасць асобы, інтэгральнае пачуццё, якое выяўляецца ў актыўнай жыццёвай пазіцыі, у адказным стаўленні да сябе, свайго здароўя, да сваёй сям’і, сваёй працы, спалучае ў сабе павагу да мовы, культуры, традыцый свайго народа, усебаковую дзейнасць на карысць Айчыны, самаахвяраванне, уменне ставіць інтарэсы Бацькаўшчыны вышэй за ўласныя і, як вынік, вызначае стаўленне да Радзімы ў цэлым. Пакіну яго без каментарыяў, няхай кожны зробіць з яго ўласны вынік. Далей прапаную трошачкі разважанняў з маёй дысертацыі па шматграннасці любові да Радзімы, бо менавіта так расшыфроўваецца гэтае слова паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, ды і многіх іншых.

Патрыятызм - гэта адна з найбольш значных, нязменных каштоўнасцей, уласцівых усім сферам жыцця грамадства і дзяржавы, з'яўляецца найважнейшым духоўным здабыткам асобы, характарызуе вышэйшы ўзровень яе развіцця і выяўляецца ў яе актыўна-дзейнаснай самарэалізацыі на карысць Айчыны; уяўляе сабой свайго роду падмурак грамадскага і дзяржаўнага будынка, ідэалагічную апору яго жыццяздольнасці, адну з першасных умоў эфектыўнага функцыянавання ўсёй сістэмы сацыяльных і дзяржаўных інстытутаў.

У гістарычным плане патрыятызм з’яўляецца крыніцай духоўных, маральных сіл і здароўя грамадства, яго жыццеўстойлівасці і моцы, што асабліва магутна выяўляюцца на пераломных этапах развіцця, падчас вялікіх гістарычна значных падзей, у гады цяжкіх выпрабаванняў.

Патрыятызм нараджаецца і фарміруецца як пачуццё, звязанае са светаўспрыманнем роднага краю, блізкага асяроддзя, стыхійна ў дзіцячым узросце. У больш сталыя гады гэтае пачуццё мацнее, узвышаецца і ўсё глыбей усведамляецца, асабліва падчас ажыццяўлення пэўных відаў грамадска-карыснай дзейнасці.

Патрыятызм як асабовая з’ява прадугледжвае фарміраванне і доўгае развіццё цэлага комплексу станоўчых якасцей асобы; выступае ў адзінстве глыбокага духоўнага засваення гісторыі і культуры свайго народа і актыўнага дзейнаснага ўдзелу ў вырашэнні найважнейшых праблем грамадства, у адзінстве духоўнасці, грамадзянскасці і сацыяльнай актыўнасці асобы, якая ўсведамляе сваю непадзельнасць, непарыўнасць з Айчынай, сацыяльную ролю і значнасць дзейнасці ў інтарэсах яе адраджэння і надзейнай абароны, актыўнага ўдзелу ў з'явах і працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве, дзяржаве.

Як бачна з вышэй напісанага, патрыятызм і яго роля вельмі важны не толькі з пункту гледжання дзяржаўнага будаўніцтва, а наогул станаўлення чалавека, бо для дзяржавы патрыятызм часцей за ўсё выступае часткай ідэалогіі, для грамадства – часткай праяўлення жыцця, для асобы – яго сэнсам. Таму любоў да нашай роднай Беларусі заўсёды займае адно з цэнтральных месцаў у жыцці кожнага беларуса.

Пасляслоўе. Каму будзе цікава, то прачытаць шэраг маіх навуковых артыкулаў пра патрыятызм і патрыятычнае выхаванне можна ў рэпрэзіторыі БДУКМ, а таксама ў часопісах “Выхаванне і дадатковая адукацыі”, “Сацыяльна-педагагічная работа” і на розных тэматычных сайтах.

17 верасня 2020 г.

Rate this item
(0 votes)
Read 2039 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»