Варта падкрэсліць, што Каляды – гэта зборная назва, у якую ўваходзіць і язычніцкі абрад, і Нараджэнне Хрыстова, і Новы год.
Ужо было шмат сказана пра святочныя традыцыі нашых продкаў у мінулых публікацыях, якія захоўваюцца, перадаюцца і трансфармуюцца сёння, але тэма Калядаў для кожнага беларуса – гэта сямейная, сакральная традыцыя, пра якую хочацца казаць больш. Менавіта дзякуючы добрай традыцыі, мы штогод хочам парадаваць падарункамі сваіх блізкіх, сяброў, калег, падводзім вынікі года ў святочнай атмасферы, не шкадуем часу, грошай і іншых высілкаў на адзначэнне гэтых падзей. “Мы з дзяцінства чакаем Калядаў”, як гаворыцца ў вершы Міхала Анемпадыстава, імкнемся ўдзельнічаць у абрадах каледавання, якія дайшлі да нас ад продкаў, пераапранаемся ў мядзведзя, казу, разыгрываем цікавыя сцэнкі, варожым і, канешне, перадаём традыцыю больш маладому пакаленню.
“На Каляды было вельмі весела, шумна, - узгадвае жыхарка вёскі Чаркасы Яніна Ермаловіч. - Я доўга чакала свята, старанна рыхтавалася, шукала вобразы для пераапраннання, бо гэта было галоўнай адметнасцю ў вёсцы. Пераапраналася так, каб немагчыма было мяне пазнаць. Я разам з сябрамі вадзіла Казу, спявала калядныя песні. На вуліцы ў калядную ноч быў вялікі рух, знімалі і зносілі веснічкі, мянялі іх паміж гаспадарамі, я разам з іншымі дзяўчатамі варажыла на сваё будучае, пякла аладкі, потым прыходзілі хлопцы і прыводзілі “ігорнага сабаку”(пераапрануты жыхар вёскі) і мы ўсе ў насцярожанасці чакалі каго ён схопіць, а хлопцы не драмалі ў гэты час, яны замыкалі хату, лезлі на страху і закрывалі шклом комін. Увесь дым валіў у хату, я гляну ў комін, а там светла, пасля хлопцы адчынялі хату і ўсе працягвалі весяліцца”.
Дарэчы, варта адзначыць, што ў Беларусі калядная абраднасць захавана амаль у архаічным відзе, яшчэ з язычніцкіх часоў, што падкрэслівае шанаванне беларусамі сваіх традыцый.
Калі казаць пра святкаванне Нараджэння Хрыстова, то пагадзіцеся, што няма амаль ніводнай сям’і, якая б не адзначала нараджэння сына божага, збаўцы, не наведвала касцёл ці царкву, не упрыгожвала ялінку, не глядзела батлейкі ў гэтыя святочныя дні. Божае нараджэнне – гэта неад’емная частка нашага менталітэту, традыцыя, якая робіць нас адзіным народам. Як адзначыў у сваім артыкуле Аляксандр Сакалоўскі: “Беларусь — унікальнае месца, дзе адзначаецца Раство каталіцкае, Новы год і Раство праваслаўнае. І па сутнасці Беларусь яднае ўсе канфесіі, традыцыі і сучаснасць — так, як усе народы на ўсе часы аб’яднала само нараджэнне Іісуса Хрыста”.
Калі казаць пра адзначэнне Новага года, то гэтая традыцыя ў нас з’явілася адносна нядаўна, бо раней нашыя продкі лічылі, што новы год пачынаецца ўвесну, калі прырода ажывае, абуджаеццца пасля зімовай спячкі. Традыцыя адзначаць Новы год у ноч з 31 снежня на 1 студзеня бярэ свой пачатак на нашых землях у 1583 годзе, калі кароль Сцяпан Батура сваім загадам увёў новы Грыгарыянскі каляндар у Рэчы Паспалітай. Цяпер Новы год для кожнага – гэта добрая нагода падвесці вынікі года, вызначыцца з планамі на наступны, загадаць жаданні перад ёлкай, паверыць у цуды, павадзіць карагоды і пагукаць Дзеда Мароза ці Зюзю, як каму больш падабаецца. Галоўнае, што ёсць выбар, які грунтуецца на нашай традыцыі.
27 снежня 2019г.