Версия для печати

Срэбраныя «Ўладары сяла» – з Кухчыц!

Срэбраныя «Ўладары сяла» – з Кухчыц!

Каму ў вёсцы жыць добра – дэманстравалі сваім прыкладам у мінулыя выхадныя маладыя сем’і з шасці сельскагаспадарчых рэгіёнаў Беларусі, змагаючыся за галоўную ўзнагароду рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекту “Уладар сяла-2018”, фінал якога сёлета прайшоў на Случчыне.

Мінскую вобласць у фінале прадставіла сям’я Шуціла з аграгарадка Кухчыцы Клецкага раёна. Павел і Кацярына – дбайныя, руплівыя гаспадары – з самага першага дня нараджэння іх сям’і ўсё робяць разам і жывуць душа ў душу. Сваім прыкладам выхоўваюць двух сыночкаў – Дзімку і Ільюшку. “Прыгожая сям’я!” – так і сыпаліся каментарыі гледачоў і балельшчыкаў конкурсу ў адрас Шуцілаў. Сапраўды, маладыя, рухавыя, Павел і Кацярына і на працы паспяваюць, і дома, і час на актыўнае грамадскае жыццё знаходзяць.

На свяце ўладароў беларускага сяла сям’я з Клецкага раёна была адметная сваёй заўзятасцю, веданнем спрадвечнай сялянскай працы, любоўю і павагай адзін да аднаго, адданасцю да роднай зямлі і сваіх каранёў. Змайстраваць лаўку для ўсёй сям’і, налавіць рыбы рукамі, з “сякеры” напячы дранікаў, у лічаныя хвіліны напілаваць і пасекчы дроў, зайграць, заспяваць і проста пажартаваць – гэта ўсё Шуціла! Бо, як весела крычала група падтрымкі сям’і, Шуціла – гэта сіла!

Пачэснае другое месца сям’я з аг.Кухчыцы Клецкага раёна прывезла на сваю малую радзіму. Літаральна ў кроку ад перамогі засталася сям’я з цэнтральнага рэгіёну, але самая галоўная перамога – і ў гэтым пераканаліся ўсе прысутныя – ў Паўла і Кацярыны ўжо ёсць: гэта сапраўдная моцная сям’я, складзеная з Любові, Павагі і Мудрасці, народжаная на зямлі бацькоў і адданая той справе, якую выбрала сэрца.

*Праект “Уладар сяла” сёлета прайшоў у 11 раз. Традыцыйна, менавіта сем’і з Мінскай і Віцебскай абласцей у фінале конкурсу змагаюцца за першынства. У 2017 годзе перамогу атрымала сям’я Літвіных з Капыльшчыны, уладарамі сяла 2018 года стала сям’я Хацкевіч з Віцебскай вобласці.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 1607 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии