З’ява, якая адлюстроўвае жыццё

З’ява, якая адлюстроўвае жыццё

Свята – гэта высокая ідэя,

выяўленая ў яркай, вобразнай форме.

Аляксей Камінскі

Святы заўсёды з’яўляліся неад’емнай часткай жыцця беларускага народа, бо нашу краіну немагчыма ўявіць без святочнай культуры, якая захоўвала, назапашвала, перадавала і ўзбагачала агульную культуру Беларусі. А ці задумваўся кожны з нас: што такое свята, чаму на працягу стагоддзяў у беларускай культуры склаліся разнастайныя формы абрадаў і святаў, якія адлюстроўвалі розныя бакі грамадскага жыцця. Мэтр рэжысуры свят, прафесар Пётр Гуд, вызначае свята як урачыстасць, сукупнасць звычаяў, абрадава-рытуальных, відовішчных і масава-гульнёвых дзей, якія адлюстроўваюць падзею ў жыцці грамадства, калектыву, асобы і замацоўваюць пэўныя погляды, пачуцці, адносіны людзей да грамадства, культуры, прыроды і паміж сабой. Таму робіцца відавочна, чаму для многіх людзей святы настолькі важныя, бо яны характарызуюць і выяўляюць эмоцыі, пачуцці, падзеі, канстатуюць і замацоўваюць важныя факты ў жыцці кожнага суайчынніка ад асабістага да агульнага.

Свята актуалізуе каштоўнасці народа, тым самым яднаючы яго ўдзельнікаў. Разам з тым яно злучае духоўнымі ніцямі пакаленні, падтрымліваючы адзінства грамадства. Гэта можна прасачыць у такіх святах як «Нараджэнне Хрыстова», «Каляды», «Дзень Перамогі», «Дзень Незалежнасці», дзе моладзь разам з людзьмі старэйшага ўзросту прасякнута адзінай мэтай і ідэяй. Гэтыя святы не проста забяспечваюць адзінства каштоўнасных арыенціраў, але і маюць прамое дачыненне да фарміравання каштоўнасна-маральных, патрыятычных напрамкаў моладзі.

Акрамя таго, моладзь любіць наведваць святы народных рамёстваў, вечарыны ў гонар юбілеяў выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, культуры і мастацтва, шматлікія фестывалі рэгiянальнага, рэспублiканскага і міжнароднага ўзроўняў, такiя як «Славянскi базар» (г. Вiцебск), «БайкФэст» (г. Брэст), Усебеларускі фестываль народнага гумару (в. Аўцюкі), Фестываль стрытболу і вулічнай культуры «Стрекоза» (г. Дзяржынск ), «Звiняць цымбалы i гармонiк» (г. Паставы), Фестываль феерверачнага мастацтва «Навальніца» (г. Лагойск), «Дзень вышыванкі» (г. Мінск) i iншыя шырокавядомыя ў нас i за мяжой. Улічваючы шматканфесійнасць нашай краіны, сярод насельніцтва яскрава замацаваліся і хрысцiянскiя мiстэрыі, i шматлікія духоўныя святы. Вялiкай папулярнасцю карыстаюцца святы гарадоў i вёсак, спартыўныя святы, святы на вадзе і інш.

У цяперашні час, нягледзячы на існаванне якасных святочных мерапрыемстваў, паралельна адбываецца засілле нізкапробных узораў масавай культуры і выцясненне добрых узораў айчынных і замежных святаў, што з'яўляецца адной з прычын маральнай дэградацыі, сведчыць аб страце ўласнай культурнай ідэнтычнасці, прымітывізацыі сацыяльных і культурных запытаў шматлікіх маладых людзей і грамадства. Акрамя гэтага, скажоная сучасная інтэрпрэтацыя розных духоўных святаў, такіх як Дзяды, Дзень ўсіх святых, які атрымаў назву «Хэлоўін», сёння суправаджаецца пераапрананнем у персанажаў нячыстай сілы і мерцвякоў. Камерцыялізацыя і традыцыя грамадскага святкавання Дня Святога Валянціна таксама не маюць нічога агульнага з сапраўдным яго зместам. Усе гэтыя скажоныя спосабы святкавання вышэйзгаданых святаў зусім не адпавядаюць хрысціянскім, бо падмяняюць сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці чалавечымі прыхільнасцямі, што адмоўна ўплывае на моладзь. Таму неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб айчынныя святы, якія падкэсліваюць нашу культурную традыцыю, папулярызаваліся.

Аналізуючы напісанае вышэй, можна сказаць, што свята – гэта не толькі спосаб забавы і адпачынку, але і феномен, які адыгрывае важную ролю ў жыцці чалавека. Святы падтрымліваюць і ўмацоўваюць духоўную сувязь паміж членамі грамадства, стымулююць кансалідацыю, спрыяюць самаідэнтыфікацыі членаў групы, класа, арганізуюць супольную жыццядзейнасць людзей. У гэтым складаецца галоўнае адрозненне свята як сродку з'яднання людзей ад іншых відаў іх супольнай дзейнасці. Дарэчы, свята – гэта і тое, што адрознівае нас ад жывёл, не толькі па пэўных біялагічных паказчыках: прамахаджэнне, развіццё мысліцельнай сферы, але і з пункту гледжання сацыкультурнай дзейнасці, бо жывёлы не маюць патрэбы ў адзначэнні свят. Хочацца падвесці рысу пад напісаным словамі даследчыка і рэжысёра свят Юліі Чарняк, якая адзначае, што свята гэта мнагагранная з’ява, якая адлюстроўвае жыццё чалавека і грамадства. З чым нельга не пагадзіцца.

03 чэрвеня 2019г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 85 раз

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»