Смачна есці…

Смачна есці…

Цягнi мачанку, мацi, з печы!

За стол, малы, за стол, старэчы! 

Якуб Колас


 

У кожнага народа склаліся свае кулінарныя традыцыі, якія залежаць ад геаграфічнага месцазнаходжання краіны, умоў, ладу жыцця і іншых фактараў. Як кажа народная мудрасць: “Як зварыш, так і з'ясі. Калі ежа ў возе, так няма бяды ў дарозе”. Беларуская кухня – гэта наша багацце, адзін з кодаў нацыі, народная каштоўнасць, турыстычны брэнд, крыніца энергіі і здароўя, асалоды і асаблівага смаку, каларыту, які маюць прадукты здольныя вырасці на нашай зямлі і адпаведныя стравы, рэцэпты якіх складаліся сотні гадоў пры пэўных умовах характэрных менавіта для нас.

На жаль, апошні час ідзе тэндэнцыя па змяншэнні ўжывання традыцыйнай беларускай кухні як шляхетнай, так і сялянскай. Гэта можна пабачыць праз імклівае распаўсюджванне замежных рэстаранаў і кафэ хуткага харчавання, на якія ёсць велізарны попыт. Цяпер на кожным кроку, нават у райцэнтрах, можна купіць шаурму, з’есці гамбургер, піцу, адчуць смак амерыканскай, італьянскай, в’етнамскай, кітайскай, японскай і іншай ежы. І гэта нармальна, што ў Беларусі, цэнтры Еўропы, можна паспрабаваць сусветную кухню. Пытанне ўзнікае ў тым, што айчыннай кухні адводзіцца ўсё меншае значэнне. Амаль не знайсці адпаведных устаноў, дзе можна атрымаць асалоду ад беларускіх страў. Нават больш скажу, што простыя дранікі не заўсёды ёсць у продажы, затое кебабы на кожным вуглу. Нават дома мы усё менш і менш ужываем традыцыйную ежу, а ўлічваючы сусветныя тэндэнцыі, моладзь наогул рэдка гатуе, бо з-за хуткага рытму жыцця часта вячэрае ў макдональдсах, бургер кінгах, кфс і іншых падобных установах, якіх з кожным днём усё болей. І няма за што абвінавачваць моладзь у тым, што яна аддае перавагу вышэй пералічаным пунктам грамадскага харчавання, бо як казала мая бабуля: “Чалавек галодны ні на што не годны”. Пры адсутнасці альтэрнатывы, выбіраць не атрымліваецца, асабліва калі вельмі хочацца паесці. Такім чынам, мы, самі таго не разумеючы, ствараем перадумовы для змены свайго менталітэту, бо не маем прывязкі да роднага, адчуваем сябе часткай той традыцыі, стравамі якой харчуемся, як вынік - паддаемся ўплывам замежных культур, губляючы сваю, а яшчэ ад гэтага робімся залежнымі ад чужога, больш фізічна слабымі, часта хварэем, маем атлусценне. Адбываецца гэта з-за таго, што наш арганізм генетычна ў сілу гістарычных трансфармацый адаптаваны менавіта пад уласныя стравы, якія зробленыя з айчынных прадуктаў, што выраблены ў тых самых умовах, што і мы.

Асабіста я вельмі люблю беларускую кухню: боршч, расольнік, гарохавы суп, суп з лісічак, дранікі са смятанай, калдуны, наліснікі, бульбу з салам і кіслай капустай, селядзец, салату з бурака, яечню, смажаную свініну, каўбушок, паляндвіцу, свойскія каўбасы, квас, розныя кампоты, яблыкі, грушы і яшчэ вельмі шмат іншых родных страў, прадуктаў. Ведаю, што большасць маіх сяброў, калег, таварышаў, да і наогул нашых грамадзян любяць тое самае. Але ўлічваючы сітуацыю з адсутнасцю магчымасці ў любой кропцы нашай краіны аператыўна падсілкавацца менавіта сваім, інвестуем у чужое. Я – не выключэнне.

Падсумоўваючы вашэй напісанае, варта адзначыць тое, што менавіта ад нас залежыць лёс беларускай кухні, таму раю больш яе ужываць, папулярызаваць і падтрымліваць нацыянальныя рэстараны, кавярні і іншыя падобныя месцы. І канешне не забываць гатаваць дома, дзякуй Богу, айчынных кулінарных кніг дастаткова, ды і хатнія сямейныя рэцэпты ў многіх не перавяліся. Смачна есці!

21 мая 2019г. 

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 119 раз

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»