03.04.2019

Палюбіць сваё

Палюбіць сваё

Зямля мая, ты – кніга непрачытана,

дар велічны скарынаўскіх радкоў.

Ларыса Геніюш

Ці часта мы задаемся пытаннем чытаць альбо не чытаць, асабліва калі гаворка ідзе пра мастацкую літаратуру. Для мяне адказ відавочны – канешне чытаць. Варта адзначыць, што моладзь, нягледзячы на ўсялякія папрокі, чытае даволі шмат, праўда гэта ў асноўным замежная літаратура: лёгкія раманы, аповесці, апавяданні, дэтэктывы і інш. Што тычыцца айчыннай літаратуры, то тут сітуацыя больш складаная. Гледзячы на невялікую колькасць праглядаў у інтэрнэце, тыражы выданняў, якія вагаюцца ад 100 і максімум да 3000 асобнікаў, прычым апошняя лічба – гэта ўжо бестселер, вынікае відавочны факт аб малой папулярнасці айчынных аўтараў. Таму і ўзнікае пытанне: што рабіць, каб ахоп людзей, якія чытаюць роднае, павялічыўся. Чаму варта чытаць сваё, спадзяюся, тлумачыць не патрэбна. Бо менавіта ў сваёй літаратуры чытаеш пра тое, што адбывалася, адбываецца ці можа адбывацца ў тваім рэгіёне з героямі, якія жывуць побач з табой, магчыма і ты знаходзішся сярод гэтых герояў, тэкст падаецца праз прызму ўспрымання нашай традыцыі, праз светапогляд беларусаў і, адпаведна, закранае самыя далёкія струны душы, папулярызуе нацыянальную культуру і мову, вучыць на ўласным матэрыяле, сваёй ідэнтычнасці.

Узгадваю гісторыю, як мая сяброўка Марына Р. прачытала “Радзіва Прудок” Андрэя Горвата і з энтузіязмам мне распавяла, што гэта першы беларускі твор, пасля школьнай праграмы, які яна прачытала з захапленнем і нават набыла новую кнігу гэтага аўтара. Такіх гісторый, калі людзі вакол мяне адкрывалі новую літаратуру, вельмі шмат: бо дзесьці я даваў нешта пачытаць, а хтосьці і мне рэкамендаваў добрыя кнігі. Сярод лепшых сучасных папулярных пісьменнікаў лічу Юрыя Станкевіча, Віктара Марціновіча, дарэчы, прачытаў усе іх творы. Не магу не сказаць і пра Людмілу Рублеўскую, якая трапна адзначыла ў сваёй кнізе “Золата забытых магіл” некалькі выразаў, якія запалі ў маю галаву: “Наша жыццё належыць Айчыне, сваё мусіць быць заўсёды даражэйшае за чужое, нават калі яно, чужое, лепшае – звычайная праграма захавання і жывёльнага віду і чалавечай нацыі. У нас хапае свайго – і філасофіі і містыкі. Ведаю адно – Гасподзь заўсёды дае магчымасць выбару… Тое, што ўчынялі продкі, адбіваецца на нас, але і тое, што мы ўчыняем, - ведаюць продкі”. Асабліва хочацца спыніцца на сучаснай паэзіі, яна сапраўды на вельмі высокім узроўні, вельмі разнастайная і непаўторная, здольная захапіць з першых радкоў, пранізаць наскрозь, пакінуць адбітак і нават глыбокі след у кожным, хто здольны да яе дакрануцца. Генерацыя такіх маладых паэтаў, як Віталь Рыжкоў, Ігар Канановіч, Антон Рудак, Таццяна Казановіч, Алёна Палачанская і шмат іншых, проста ўражвае, галоўнае – не баяцца іх адкрываць для сябе, з захапленнем вышукваць сярод літаратурных часопісаў і газет іх радкі, пакідаць водгукі на іх творчасць.

Падводзячы вынік, варта адзначыць, што неабходна зрабіць, каб больш чыталі беларускага і па-беларуску. Па-першае, трэба палюбіць сваё, гэта, мабыць, галоўны пункт; па-другое, імкнуцца цікавіцца навінкамі кнігадруку, але не забываць і пра класіку: Янку Купалу, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і інш. Па-трэцяе, папулярызаваць праз уласныя сацыяльныя сеткі кнігі, якія вам прыйшліся да спадобы, распавядаць і рэкамендаваць іх сваім сябрам і знаёмым. Па- чацвёртае, імкнуцца набываць добрыя выданні айчынных аўтараў для падарункаў, тым самым падтрымліваючы літаратараў, бо, як вядома, кніга – гэта найлепшы падарунак. І пятае – прыкладваць максімум намаганняў у самаразвіцці, самапазнанні праз якасную мастацкую літаратуру, у якой тояцца адказы на ўсе існуючыя пытанні.))

Чытайце, думайце і папулярызуйце сваё, тым больш у Год малой радзімы!

03 красавіка 2019г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 249 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»