Print this page

В районном проекте «Властелины села-2016» победила семья из Лешни

В районном проекте «Властелины села-2016» победила семья из Лешни

Сёлета ў раённым этапе сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі», які ўжо некалькі гадоў запар па ініцыятыве райкама ГА «БРСМ» традыцыйна праходзіць у аграгарадку Пацейкі, прымалі ўдзел пяць  маладых сямей з сельсаветаў раёна.

У Пацейках гасцінна сустракалі Уладзіміра і Вікторыю Літвіных з дачкой Веранікай з Блеўчыцкага сельсавета, Аляксандра і Рэнату Стаяновіч з дзецьмі Ангелінай, Аляксандрам і Камілай з Грозаўскага сельсавета, Валерыя і Алену Ворнікавых з Доктаравіцкага сельсавета, якія таксама выхоўваюць траіх дзяцей: Дар’ю, Мікіту і Кірыла, Яўгена і Вольгу Ігнатчык з Семежаўскага сельсавета, якія гадуюць дачку Алёну, і сям’ю Юрыя і Ірыны Рыбак са Сл.-Кучынскага сельсавета, у сям’і якіх выхоўваюцца Паліна і Ілля. Менавіта яны адважыліся паспаборнічаць за ганаровае званне «Уладара вёскі» Капыльскага раёна.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк адзначыла, што конкурс папулярызуе лепшыя традыцыі беларускай вёскі, сельскай сям’і, дорыць новыя знаёмствы і незабыўныя ўражанні.

Пачалася праграма са знаёмства з сем’ямі. Выстава хобі «Свет сямейных захапленняў» стала своеасаблівым гімнам сям’і: узаемапавага, каханне, разуменне — тое, на чым трымаецца кожная сям’я. Пра гэтыя вечныя каштоўнасці маладыя людзі казалі праз вершы і песні, ім актыўна дапамагалі дзеці. Таксама тут была выстаўлена кулінарная прадукцыя, якую выраблялі маладыя гаспадыні, а яшчэ — вышыўка, вязанне, бісерапляценне, ткацтва і многае іншае.

Шмат вясёлых імгненняў падарыў конкурс «Залатая падкова». Склалася ўражанне, што сем’і што-дня запрагаюць каня ў воз. А як спрытна сямейныя пары пілавалі, секлі і складвалі дровы на этапе «Дрывасекі»!

Дадалі добрага настрою вясковыя сямейныя эстафеты, падчас якіх трэба было і бульбу абабраць, і гузік прышыць, і вады прынесці, і выканаць іншыя заданні.

Словам, журы прыйшлося нялёгка. Усе сем’і — маладыя і таленавітыя, спрытныя і гаспадарлівыя, адкрытыя і шчырыя — заслугоўвалі звання «Уладар вёскі-2016».

Аднак перамогу з невялікай перавагай святкавала сям’я Літвіных з в. Лешня. Менавіта яны будуць прадстаўляць Капыльшчыну на абласным этапе праекта. Таксама сям’я-пераможца сёлета стала ўладальніцай каштоўнага прыза — сертыфіката на набыццё цяляці ў ААТ «Старыца-Агра», якое стане добрым падспор’ем у гаспадарцы Літвіных, дзе ўжо ўтрымліваецца карова, конь, цяля, куры, індыкі, апрацоўваюць каля 70 сотак зямлі.

Дарэчы, усе сем’і атрымалі ўзнагароды за ўдзел у конкурсе ад райкама ГА «БРСМ», РА РГА «Белая Русь», раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, сельгаспрадпрыемстваў, дзе працуюць канкурсанты. 

А музычныя падарункі жыхарам і гасцям аграгарадка Пацейкі дарылі выхаванцы студыі эстраднага вакалу «Клио» пад кіраўніцтвам Таццяны Ермаловіч, якія атрымалі пачастункі ад маладзёжнай арганізацыі.

Rate this item
(0 votes)
Read 4050 times

Additional Info

  • Автор: Сяргей КОЗЕЛ
  • Фото: Сяргей КОЗЕЛ

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ

Login to post comments